РАЧУ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Рачуны. Створана ў 1958 на р. Ашмянка для энергет. мэт (Рачунская ГЭС, працавала да 1977). Пл. 1,5 км², даўж. 6,9 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 4,4 м, даўж. берагавой лініі 13,8 км, аб’ём вады 2,3 млн. м³. Катлавіна Р.в. складаецца з двух заліваў. Берагі пераважна высокія. У паўд. ч. вадасховішча востраў пл. каля 0,1 км². Зарастае. Ваганні ўзроўню нязначныя. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі і адпачынку.
т. 13, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)